Адвакат, палітык Алесь Міхалевіч на Еўрарадыё — пра падзел у беларускім грамадстве і будучыню.
— Галоўная перадумова для круглага стала з беларускім рэжымам — гэта, безумоўна, слабасць улады, калі яна адчувае, што ёй патрэбны сацыяльны партнёр, каб захаваць частку ўлады і павысіць сваю легітымнасць, — цытуе Алеся Міхалевіча Салідарнасць. — Пакуль што гэта не беларуская сітуацыя, бо Расія цалкам фінансуе беларускі рэжым. Усё, што Беларусь страчвае на Захадзе, Расія кампенсуе.
Але ў нейкі момант можа так аказацца, што грошы скончацца. Можа аказацца, што ўнутраная стабільнасць улады стане вельмі слабай. У такі момант круглы стол можа спатрэбіцца.
Лічу, што хутчэй гэта адбудзецца ўжо пасля Лукашэнкі, але не выключаю нічога.
Палітык не згодны з тым, што ў беларускім грамадстве адбываецца сур’ёзны падзел, і тлумачыць чаму.
— Не магу сказаць, што рэжым справіўся з наступствамі 2020 года. У яго няма ні ўнутранай, ні знешняй легітымнасці. Ёсць расійскія грошы. Расія поўнасцю пераняла Беларусь і затыкае пэўныя лукашэнкаўскія дзіркі грашыма. Але я не ўпэўнены, што так будзе заўсёды. Паслабленне беларускай улады цалкам верагоднае.
У беларускім грамадстве няма сур'ёзнага падзелу. Я вельмі добра арыентуюся ў сітуацыі, напрыклад, у Лівіі ці Сірыі. Там сапраўды ёсць розныя групоўкі, часта рэлігійныя, якія адзін аднаго знішчаюць фізічна.
Так, у Беларусі бывае даволі высокі ўзровень сацыяльнага недаверу, але я абсалютна ўпэўнены, што дамовіцца з былымі лукашысцкімі чыноўнікамі можна будзе хутка і эфектыўна, таму што ў нас ёсць штосьці, што нас аб'ядноўвае, — гэта Рэспубліка Беларусь.
І калі разважаць пра будучыню нашай краіны, цікава даведацца сацыялогію. Калі запыталі ў беларусаў у краіне, нават тых, хто зараз актыўна працуе на баку ўлады, ці трэба нам саюз з Расіяй, большасць адказала, што, канешне, трэба, бо Расія — гэта важна.
Але калі адначасова іх жа запыталі, куды б вы аддалі сваіх дзяцей вучыцца, таксама большасць адказала: на Захад. Якая мадэль для вас з'яўляецца асноўнай? Заходняя.
Фактычна аказваецца, што людзі падтрымліваюць Расію выключна па прынцыпе, што паглядзі, што Расія зрабіла з Украінай, калі тая абрала штосьці не тое.
То бок ёсць нейкае супольнае бачанне будучыні краіны, і ў той момант, калі Расія аслабне, такую супрацу выбудаваць не будзе цяжка з тымі, хто застанецца пасля Лукашэнкі, з яго так бы мовіць элітамі, бо яны ўсе падрыхтаваныя і бачаць Беларусь так жа, як і мы.
Проста яны разумеюць, што сёння еўрапейскі выбар для нашай краіны нерэалістычны, таму што Расія са сваім войскам, са сваім уплывам занадта моцна трымае.
Але сацыяльны давер ёсць. Таксама ёсць галоўны прынцып —беларус беларусу беларус. Гэта нікуды не знікла. Гэта падтрымка была і ёсць, — упэўнены Міхалевіч.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия