Даўно сьцьвярджаю, што самае слабое месца ў міжнароднай палітыцы ЗША — гэта гарызонт адказнасьці, які складае чатыры, у лепшым выпадку восем гадоў (тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта), пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.
Праўда, цяпер мы бачым, што ён можа быць і тыдзень («Я гэтак казаў? Не магу паверыць!»). І гэта — уласьцівасьць абодвух кіроўных партый: у 2014 годзе, калі быў анэксаваны Крым, Абама праігнараваў Будапэшцкі мэмарандум, падпісаны ягоным аднапартыйцам Клінтанам.
Што да Амэрыкі, у гэтым — патэнцыйная для яе пагроза ў супрацьстаяньні зь Пэкінам. Кітай мысьліць нават не дзесяцігодзьдзямі — стагодзьдзямі, а то і тысячагодзьдзямі. Прыгадваецца, як у 1989 у часе візыту Гарбачова ў КНР Дэн Сяопін абарваў свайго крамлёўскага візаві, які спрабаваў казаць пра «красавіцкі (1985 года) Пленум ЦК КПСС, які адкрыў новыя гарызонты...» і пачаў пералічваць, якія і калі тэрыторыі Расея анэксавала ў Кітаю ў ХХ, у ХIX стагодзьдзях...
Між іншым, Масква таксама мысьліць стагодзьдзямі, імкнучыся аднавіць Расейскую імпэрыю, адрозна ад Лукашэнкі, які думае адным днём: як бы раніцай прачнуцца тым, кім заснуў. Ці — увогуле прачнуцца.
ЗША можа дапамагчы Ўкраіне, і ў цэлым Эўропе. А можа і не дапамагчы. Добрая навіна ў тым, што ў Эўропы ёсьць шанец усьвядоміць гэтую рэальнасьць.
Трамп меў рацыю, калі сказаў, што Ўкраіне варта забыцца пра NATO. Але ён не дагаварыў. Пра NATO ёсьць сэнс забыцца і Літве, і Латвіі, і Эстоніі, і можна працягнуць сьпіс дзяржаваў, якім у выпадку агрэсіі з боку Масквы ніякі Пяты артыкул Статуту NATO не дапаможа.
Пры цяперашнім стане сваіх арміяў эўрапейскія лідары, найхутчэй, знойдуць «адмазкі», скарыстаўшы няпэўнасьцю фармулёўкі таго самага Пятага артыкулу («прадпрымуць дзеяньні, якія палічаць неабходнымі, каб дапамагчы» — дакажыце мне, што «палічаць неабходнымі» менавіта ўступленьне ў баявое сутыкненьне з агрэсарам?).
Да таго ж, у складзе NATO ёсьць сябры, якіх, як гаворыцца, нават ворагу не пажадаеш і якія зусім ня супраць сябраваць з Пуціным (і сябруюць зь ім).
Не дэмантуючы аднамомантна NATO, Эўропа магла б стварыць блёк бясьпекі па лініі Лондан — Парыж — Бэрлін — Варшава — Кіеў. Дзе першыя дзьве краіны (Вялікабрытанія і Францыя) — ядзерныя дзяржавы, Германія — эканамічны волат, Польшча — краіна, насельніцтва якога генэтычна не прымае «рускі мір» і якая адыгрывае стратэгічна важную геапалітычную ролю, а Ўкраіна — мае самае самае баяздольнае, праверанае ў змаганьні, войска.
Гэта не азначае адсяканьне іншых эўрапейскіх краінаў; не забудземся пра Чэхію, дзе традыцыі вырабу зброі не забытыя, Швэцыю, дзе разьвітая авіяцыйная вытворчасьць, ды іншых. Важна іншае: дзеяньні ў выпадку агрэсіі мусяць быць дакладна прапісаныя (канкрэтна — аб’яўленьне вайны і ўступленьне ў бой).
Тут, між іншым, шанец і для дэмакратычнай будучыні Беларусі (хай і ня самай блізкай) і для захаваньня яе незалежнасьці: расейская прысутнасьць на «беларускім балконе» істотна дэстабілізуе балянс эўрапейскай бясьпекі. Беларусь ня можа ня быць адной з ключавых праблемаў Эўропы (часткай якой, ня будзем стамляцца паўтараць, яна гістарычна зьяўляецца).
Агульным мусіць стаць разуменьне: надышлі цяжкія часы, і стварэньне магутнага войска (5% бюджэту на абарону — гэта мінімум) ёсьць прыярытэтнай умовай.
Калі толькі ня хочаш, каб твае ўнукі штораніцы прачыналіся пад «Россия — великая наша дзержава...»
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия