Абсалютна бясспрэчна, што лёс Беларусі як сувэрэннай дзяржавы залежыць ад таго, ці будзе існаваць Расея як імпэрыя, ці яна будзе нарэшце зьнішчаная. І вырашаецца лёс імпэрыі на вайне ўкраінскага народа з Пуціным, пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.

Прыхільнікі Трампа часам кажуць: «Вы ня слухайце, што ён гаворыць, а глядзіце, што ён робіць».

Мякка кажучы, дзіўная прапанова: словы палітыка – гэта і ёсьць справы, тым больш словы прэзыдэнта самай магутнай краіны.

Але давайце прыгадаем дзеяньні Трампа.

Трамп спыніў мінімум на тыдзень пастаўкі ўзбраеньня ва Ўкраіну ў вельмі крытычны для фронту момант (гэта факт) – што адназначна аслабіла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп на некалькі дзён спыніў перадачу Кіеву дадзеных выведкі (гэта факт) – што адназначна аслабаніла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп спыніў апэрацыі кіберслужбаў Пэнтагону супраць РФ (гэта факт) – што адназначна аслабіла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп зьнішчае (фактычна, ужо зьнішчыў) кансалідаванае ўспрыманьне Захадам Пуціна ў якасьці агрэсара, зрабіў дзясяткі палітычных заяваў на карысьць Пуціна, бясконца нагадвае пра свае «добрыя адносіны» з Пуціным ды заяўляе, што «Пуцін хоча міру». Цяперашняя амэрыканская адміністрацыя перастала называць Расею агрэсарам.

Гэта ня ёсьць ніякая дыпляматыя, як часам спрабуюць падаць некаторыя прыхільнікі Трампа. Дыпляматыяй займаюцца дыпляматы. А прэзыдэнты займаюцца палітыкай. Заявы ж палітыка – гэта, паўтараю, і ёсьць дзеяньні.

Сёньня дзеяньні Трампа – на карысьць Пуціна.

І мяне ніхто ніколі не пераканае, што дзеяньні на карысьць Пуціна могуць быць дзеяньнямі не на шкоду незалежнасьці Беларусі.