Падобна, Захад, даўшы ацэнку «выбараў» у РФ як несвабодных, недэмакратычных і скарыстаўшы лексыку з набору «глыбокай занепакоенасьці», — усё ж прызнае Пуціна прэзыдэнтам РФ. З усімі драматычнымі наступствамі гэтага прызнаньня, пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.

Для Беларусі гэта будзе азначаць яшчэ большае замацаваньне краіны ў сфэры інтарэсаў Масквы, у якую, назавем рэчы сваімі імёнамі, Захад аддаў Беларусь адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 25 жніўня 1991 г. Цяпер жа ўвогуле ўсё вырашае і ўсё вызначае Масква. Лукашэнку дазволена толькі рэалізоўваць свае комплексы ва ўсё больш бязьлітасных і маштабных рэпрэсіях супраць беларускага народа, які ён ненавідзеў заўсёды, а пасьля 2020 імкнецца проста зьнішчыць.

Для Пуціна прызнаньне яго прэзыдэнтам — аргумэнт на карысьць таго, каб беспакарана паспрабаваць Эўропу «на зуб». Для пачатку, напрыклад — атакай вайсковымі брыгадамі РБ у накірунку Вільні ці Варшавы. Так, NATO адкажа, але ж ударыць па Беларусі, а не па Расеі. Парыж ды Бэрлін традыцыйна баяцца Масквы. Вашынгтон — не баіцца, але Амэрыка ўжо ўвайшла ў паласу перадвыбарчай турбулентнасьці, ёй не да Эўропы.

І толькі Ўкраіна не на словах, а зброяй змагаецца з Расейскай імпэрыяй, і ўсё больш выцякае крывёю, плацячы жыцьцямі (у тым ліку і беларускіх герояў-добраахвотнікаў) за бязвольле і нерашучасьць заходніх палітыкаў.