Уладзімір Пуцін прыгразіў «інтэрвэнтам» з Захаду трагічнымі наступствамі. Расейскі прэзыдэнт выступіў з прамовай перад чальцамі абедзьвюх палат расейскага парлямэнту. Выступ чакаўся настолькі важным, што расейская сетка кінатэатраў арганізавала яго бясплатную трансьляцыю.

А што ў выніку атрымалася? Пра гэта разважае госьць «Свабоды Premium» — палітычны камэнтатар Сяргей Навумчык. Вось асноўныя тэзісы ягонага аналізу.

«Толькі ў адным месцы Пуцін вымавіў слова „Белоруссия“, гаворачы пра чыгуначную магістраль. Пуцін успрымае Беларусь як частку Расейскай імпэрыі. Навошта ў свой час Брэжневу на якім-небудзь зьезьдзе КПСС было асобна прыгадваць узаемаадносіны Масквы і Малдаўскай ССР ці Таджыкскай СССР? Ясна, што гэта частка СССР, ён ставіў агульныя задачы, абавязковыя і для тагачасных Малдавіі, і для Таджыкістану, і для Краснаярскага краю, і для Тульскай вобласьці. Гэтак і з Пуціным. Калі раней Пуцін гаварыў пра ўзаемадачыненьні Расеі і Беларусі, дык сёньня пра гэта няма патрэбы ўзгадваць — бо справа зробленая: Пуцін цалкам кантралюе Беларусь».

Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

«Кіраўнік краіны, якая другі год вядзе вайну, у якасьці ваенных посьпехаў апошняга году можа назваць толькі Бахмут і Аўдзееўку. Канечне, Пуцін мог бы ўзгадаць геапалітычны «посьпех» — з далучэньнем Фінляндыі да NATO мяжа Расеі з альянсам павялічылася на тысячу кілямэтраў, а з далучэньнем Швэцыі Балтыйскае мора зрабілася ўнутраным морам NATO з маленькім анклявам у выглядзе Калінінградзкай вобласьці. Але прадстаўляць такія «посьпехі» выглядала б непрэзэнтабэльна. Таму Пуцін канцэнтраваўся на эканоміцы».

«Што да эканомікі, дык лічбы росту расейскай эканомікі зьвязаныя найперш з істотным павелічэньнем выпуску вайсковай прадукцыі. Зразумела, што ракета можа каштаваць столькі, колькі 50 дзіцячых садкоў. Але ў рэальнасьці жыхары Расеі пачалі адчуваць дэфіцыт нават элемэнтарных прадуктаў харчаваньня».

«Мяркую, большасьць расейскага насельніцтва пакуль усё ж за вайну, тут Пуцін недалёкі ад ісьціны. Дзейнічае матрыца імпэрскай сьвядомасьці. У пачатку вайны шмат хто чакаў, што калі ў расейскія сем’і пойдуць труны з загінулымі, стаўленьне да вайны расейскага насельніцтва зьменіцца. Але гэтага не адбылося».

«Імпэрскую сьвядомасьць магла б зрушыць толькі ваенная параза Расеі — гэткая, якую ў свой час атрымаў Трэці Райх. Але і на прыкладзе постнацысцкай Нямеччыны мы ведаем, што сьвядомасьць значнай часткі немцаў не зьмянілася за год ці за тры, спатрэбілася значна болей часу».

«Калі заходнія палітыкі кажуць пра намеры Пуціна напасьці на краіны NATO, яны, безумоўна, карыстаюцца ў тым ліку і крыніцамі, разгалошваньне якіх з пэўных прычынаў немагчымае».

«Нарошчваньне ваеннай вытворчасьці ў Расеі ёсьць ясным індыкатарам таго, пра што думае Пуцін: ён думае пра вайну. Нязгодны з тымі, хто іранічна казаў: перш чым напасьці на Парыж ці Бэрлін, хай возьме Аўдзееўку. Калі ў часы Другой сусьветнай вайны ступень перамогі вымяралася працэнтам захопленай ці адваяванай тэрыторыі, дык сёньня войны маюць гібрыдны характар. І перамога вымяраецца іншым».

«Уявім, што некалькі брыгадаў Узброеных сілаў Беларусі кінутыя на Вільню ці Варшаву, і што нават нанесены тактычны ядзерны ўдар па польскай ці літоўскай тэрыторыі. Ясна, што гэтыя брыгады будуць разьбітыя. І вось пытаньне: у такой сытуацыі перамог Пуцін ці выйграў? Што Пуціну да таго, што загіне 30 тысячаў беларускіх вайскоўцаў ці нават выбухне Астравецкая АЭС? Ён гатовы зьнішчыць сьвет, калі ў ім ня будзе Расеі, ён пра гэта сам заявіў. Думаю, што тут Пуцін бы выйграў, бо падобнае надзвычай моцна дэстабілізавала б сытуацыю ў Эўропе. А гэта якраз тое, чаго Пуцін дамагаецца».

«Цяжка прагназаваць, ці сапраўды лідэры краінаў NATO дашлюць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў. Пакуль што падставаў гэтак лічыць няма. Ва ўсякім разе, мы ведаем, што два гады таму, калі Зяленскі прасіў Захад зачыніць неба, гэтага зроблена не было. Не былі прадастаўленыя Ўкраіне і ракеты, і авіяцыя».

«Пуцін успрымае Беларусь як вайсковы пляцдарм на заходнім кірунку, як тэрыторыю для разьмяшчэньня ваеннай тэхнікі і магчымае месца ваенных дзеяньняў. І будзе трымаць Лукашэнку, пакуль той будзе яму падпарадкоўвацца і рабіць тое, што робіць ужо тры дзесяцігодзьдзі — зьнішчаць беларускую ідэнтычнасьць».

"Свабода"