Слухаючы тлумачэньні з боку нашых суайчыньнікаў адносна йх негатыўнага стаўленьня да Пазьняка ў 90-х, прыходжу да высновы, што да гэтае стаўленьне вынікае з самога існаваньня Пазьняка, піша палітолаг Павел Усаў.

Немалая частка нашых грамадзян абвінавачваюць не сябе і свой выбар, зроблены ў 1994 годзе, а менавіта Пазьняка.

Вось калі б Пазьняк быў бы іншы, Лукашэнка б не перамог. (Вось калі б Ісус быў бы іншы, яго б не расьпялі). А можа, калі б мы былі іншымі, то Лукашэнка не прыйшоў бы да ўлады?

Я бачу цэлы шэраг палітычных, сацыяльных і культурных комплексаў, якія характэрны для крытыкаў Пазьняка і немалай часткі нашага грамадства.

І яны вынікаюць з унутранай інфантыльнасьці, палітычнай нясьпеласьці. І гэтая праблема ўсьцяж застаецца актуальнай.

Бо што закідваюць Пазьняку ў 90-я, тлумачачы свой неўдзел у выбарах, ці галасаваньне за Лукашэнку:

1. Ен (Пазьняк) быў жорсткім нацыяналістам;

2. Ен быў непрымірымым да камуністаў і Саюзу;

3. Ен стаяў на антырасейскіх пазіцыях;

4. Для яго незалежнасьць Беларусі была першаснай, чым эканоміка;

5. Ен громка крычэў у мегафон (з апошняга).

Вось быў бы Пазьняк менш агрэсіўным (хаця ніхто не можа сказаць у чым праяўлялася гэтая агрэсія), то было б усе добра.

Дарэчы, некаторыя былыя паплечнікі наадварот абвінавачваюць Пазьняка ў тым, што яму не хапала радыкалізму, што ў 1991 годзе трэба было штурмам браць будынак Вярхоўнай Рады і такім чынам скончыць з камуністамі. Пазьняк жа вырашыў не даводзіць працэс да гвалту. 90-ы годы былі ўпершыню за ўсю нашую гісторыю гадамі нацыянальна-дзяржаўнага аднаўленьня. І маўчаць пра гэта, пра тое наколькі гэта важна было б гістарычным злачынствам. Пазьняк і БНФ быў голасам нашай (НАШАЙ ДЗЯРЖАВЫ), і гэта не праблема Пазьняка што беларусы не хацелі чуць і ведаць.

Вось быў бы Пазьняк лагодна нацыянальным, памяркоўным у пытаньнях камунізму і Расеі, мы б за яго прагаласавалі.

Вядома, што памяркоўным і лагодным да Расеі і камуністаў быў Станіслаў Шушкевіч. Гэтая яго памяркоўнасьць і лагоднасьць спрыяла камуністычнаму рэваншу, расчараваньню ў дэмакратыі і пашырэньню ўплываў Масквы.

Што ў выніку абярнулася палітычнай катастрофай для яго і краіны. Варта дадаць, што пасада старшыні ВС (якая на Захадзе ўспрымалася як прэзыдэнтства), давала вялікія магчымасьці для фундаментальных перамен у краіне. Менавіта памяркоўнасьць абумовіла вяртаньне неакамунізму і дыктатуры.

Што тычыцца стылю палітычнай барацьбы, то чамусьці крытыкі не ўзгадваюць, чым йх купіў Лукашэнка. А менавіта агрэсіўным папулізмам, які грунтаваўся на фенаменальнай хлусьні, абвінавачваньнях у карупцыі, у гучных заявах пра пакушэньні (Ліезна), у агрэсіўным неасаветызьме, русафіліяй. Выходзіць, маладым і сталым агрэсіўнасьць Лукашэнкі выразна падабалася ў тыя гады, як і ў наступныя?

Ім падабалася хлусьня, маніпуляцыя, папулізм, каўбаса па 3.60, тое як Лукашэнка "мочыць" усіх гэтых дэмакратаў, чыноўнікаў, дырэктароў.

Дык можа праблема не ў Пазьняку і нацыянальнай ідэі. Нацыянальная эліта-апазіцыя, бо рэальна краінай усьцяж кіравала камуністычная наменклатура - намагалася выхаваць нацыянальнае грамадства, і шмат што пасьпела зрабіць, на больш не хапіла часу. Грамадства мела літэральна толькі 3 гады. Большая частка грамадства спужалася не Пазьняка, а свабоды, дэмакратыі, адказнасьці за сваю дзяржаву.

І зараз свой страх, нясьпеласьць, памылкі намагаюцца скінуць на БНФ і Зянона Пазьняка. Хаця варта было б перш за ўсе ацаніць саміх сябе.

Без БНФ і Пазьняка не было б ясна акрэсьленай палітычнай нацыянальнай ідэі, без Пазьняка і БНФ не было б ясных і грунтоўных ідэй дзяржаўнасьці, незалежнасьці і нацыянальных інтарэсаў, ідэальнага нацыянальнага праекту Беларусі.

Ніхто па сеньняшні дзень не ўстане стаць выразным цэнтрам далейшай генерацыі і развівацьця фундаментальных ідэй беларускай нацыі. Есьць той змрочны страх перад нацыяналізмам, які ўбіла ў голавы расейская культура і палітычная філасофія.

Шмат якія палітыкі, інтэлектуалы ў сваіх разважаньнях тонуць у правінцыялізме, развагах пра маленькую дзяржаву, залежную ад Расеі ў эканамічным і культурным плане.

Нацыя і дзяржава не зможа моцна стаць на ногі без разуменьня і ўспрыняцьця нацыянальнай ідэі. Калі ў галавах беларусаў не будзе дамінаваць свая нацыянальная ідэя, там будзе дамінаваць іншая.

На жаль, і сеньня ў грамадстве застаецца запыт не на фундаментальную нацыянальную ідэю (культура, нацыя, дзяржава), а на агрэсіўны папулізм. З большага, у 2020 годзе існаваў запыт на новага, мадэрновага Лукашэнку, які ператрасе наменклатуру, зблізіць краіну да расейскіх стандартаў, а ўзровень жыцьця да Маскоўскага (адпаведнік back to USSR).

Ці ў 2020 годзе беларускае грамадства знаходзілася ўсьцяж на ўзроўні палітычнай культуры 1994, калі не бачыла і не разумела ўсіх пагроз ад уласнага ненацыянальнага выбару, а імкнулася да новага папулізму.

Бо калі ўзгадаем 2020 год, то па сутнасьці "выбары" і йх асноўныя кандыдаты былі ненацыянальнымі, як і агульны палітычны запыт на ненацыянальнае. Нацыянальнае ў палітычным сэнсе было раздаўлена і адкінута. Хаця элемент яго пачаў узмацняцца праз пратэстную хвалю.

У гэтым драматызм нашага грамадства, і магчыма гісторыя дала Беларусі шанец:

1. Зразумець, што ў Беларусі выбар паміж нацыянальным і агрэсіўным папулізмам (ненацыянальным) будзе абарочвацца трагедыяй;

2. Што мы расплочваемся за кожны свой выбар, і не трэба яго апраўдваць дзеяньнямі Пазьняка, ці БНФ, а толькі ўласнай палітычнай недальнабачанасьцю.