Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік — пра тое, для чаго прапаганда рамантызуе вобраз сына дыктатара.

— Калі не можаш ачалавечыцца сам, калі сам стаіш па калена ў дрыгве, то для піяру ў сацсетках лепей выкарыстаць сабачку ці сына, ці штосьці яшчэ, што можна ажыццявіць, ачалавечыць, выкарыстаць для больш пазітыўнага вобразу, — патлумачыла Леся Руднік адзін з апошніх трэндаў прапаганды на Обычном утре.

— Коля Лукашэнка спачатку быў такі маленькі, міленькі, хадзіў увесь час каля бацькі. У сённяшніх відэа мы бачым рамантызацыю Колі. Зараз яго пачалі паказваць, як больш сур’ёзнага чалавека, мужчыну.

Адбываецца такая крашэізацыя. Вось ён у касцюме, ён ужо дарослы, ствараецца вобраз хлопца, які вось-вось ды будзе гатовы да сур’ёзнай справы.

Экспертка падкрэслівае, што ініцыятыва рамантызаваць сына дыктатара патрэбная для таго, каб ачалавечыць самога Лукашэнку.

— Як варыянт, можа быць, прызапасіць вось гэтую ідэю пра тое, што Коля калісьці можа стаць лідарам. Я ў гэта не веру, але яны могуць спадзявацца, у іх можа быць нейкая думка аб тым, што ў будучыні, калі ўсё пяройдзе на манархічны фармат, мець папулярнага сына, якога яшчэ і нібыта любіць народ, было б нядрэнна.

Што тычыцца сапраўдных адносін да Колі беларусаў, то ў дыктатурах вельмі складана сказаць, ці шмат тых, хто шчыра падтрымлівае Колю. Канешне, яны ёсць.

Вядома, што большасць людзей у Паўночнай Карэі не думаюць пра тое, як гэта можна не падтрымліваць нашага лідара.

Для іх тое частка культурнага ходу і сацыяльнай нормы, з якой людзі выхоўваюцца. Такая ж сітуацыя можа здарыцца і з беларусамі, калі наша краіна будзе пад дыктатурай, скажам, цягам 50 год.

У Беларусі будзе падобная сітуацыя: людзі будуць расці з такім адчуваннем, што гэта нармальна. А шчыра ці не — ім проста не даюць прасторы аб гэтым думаць.

Калі казаць на сёння, то я ўпэўнена, што няма шмат тых, хто вельмі любіць Колю Лукашэнку і ўміляецца, які вырас хлопчык, — кажа Руднік.