Як можа зьмяніцца палітыка Захаду пасьля выбараў 2025 году? Якія існуюць шанцы на новую палітычную адлігу? Якіх зьменаў можна чакаць у асяродзьдзі дэмакратычных сілаў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае паліталягіня Роза Турарбекава.

— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Ці зьменіцца пасьля выбараў палітыка Захаду? Ці вернуцца ў Менск амбасадары заходніх краінаў, ці адновяцца перамовы на высокім і вышэйшым узроўні, ці адбудзецца зьмякчэньне санкцыяў?

— Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба дачакацца прыходу адміністрацыі Дональда Трампа і зьмены ўрадаў у найбуйнейшых эўрапейскіх краінах, у першую чаргу ў Нямеччыне. Зрэшты, праблема палягае ў тым, ці зможа Беларусь трапіць у фокус увагі адміністрацыі Трампа. Калі зможа, тады магчымая зьмена акцэнтаў. ЗША будуць задаваць тон, і гэта можа паўплываць на курс як Эўразьвязу ў цэлым, гэтак і асобных эўрапейскіх краінаў. Магчымае таксама прыцягненьне ўвагі да Беларусі ў сувязі зь перамоўным працэсам па Ўкраіне, калі гэтыя перамовы стануць маштабным працэсам дасягненьня доўгатэрміновага міру. Калі ж гэта будуць перамовы толькі аб часовым спыненьні агню, то наўрад ці ўвага будзе прыцягнутая да Беларусі. Аднак калі размова пойдзе пра доўгатэрміновы мір, то неабходна будзе абмеркаваць гарантыі бясьпекі Ўкраіны з боку Беларусі, каб не паўтарыўся напад зь беларускай тэрыторыі. А ў гэтым выпадку перамовы безь беларускага боку ня могуць весьціся. Калі Беларусь і Лукашэнка трапяць у фокус увагі адміністрацыі Трампа, то магчымае вяртаньне амбасадараў і пачатак нейкага дыялёгу.

— Пытаньне-індыкатар адносінаў Беларусі і Польшчы: ці выйдзе на волю ў 2025 годзе Анджэй Пачобут?

— Я б сказала, што імавернасьць таго, што Пачобут выйдзе на волю да канца лета 2025 году, — 30%. Гэта невысокая імавернасьць. Рэжым Лукашэнкі чакае прапановаў з боку Захаду — прапановаў што да зьмякчэньня санкцыяў. Рэжым як бы пытаецца: вось мы вызвалім Пачобута, а што за гэта атрымаем? Нейкія прапановы, мяркуючы па ўсім, Варшава рабіла, але ў Менску іх палічылі слабымі, недастатковымі.

— Што можа адбывацца ў асяродзьдзі дэмакратычных сілаў? Ціханоўская застанецца іх лідэрам? Як будзе мяняцца вага розных плыняў дэмсілаў? Вы маеце дачыненьне да адной зь іх, але, абстрагуючыся ад вашай уласнай пазыцыі — які будзе вэктар зьменаў у дэмсілах? Новыя палітычныя сілы, якія зьявіліся сёлета, — ці змогуць яны на роўных канкураваць з камандай Ціханоўскай?

— На роўных — наўрад ці. У гэтай плыні няма такога патэнцыялу, які заснаваны на легітымнасьці Ціханоўскай. Вы сказалі, што я належу да пэўнай плыні ў дэмсілах. Аднак я заўсёды цьвяроза ацэньвала сытуацыю і лічыла (і працягваю лічыць), што фігуры Сьвятланы Ціханоўскай наўрад ці можна кагосьці ці штосьці супрацьпаставіць унутры дэмакратычных сілаў.

Аднак падыход, зьвязаны з патрабаваньнямі ціску і санкцыяў, ператварыўся фактычна ў дактрынэрства. Спробы зьмяніць гэты падыход ні да чога пакуль не прывялі. Але гэтае дактрынэрства прывяло да фармаваньня іншага падыходу, іншай плыні, якая зараз папаўняецца новымі рэкрутамі. На нядаўняй канфэрэнцыі ў Брусэлі мы ўбачылі частку гэтай каманды — гэта Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова, Тацяна Хоміч, Іван Краўцоў. Такога падыходу прытрымліваецца і блёк Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай радзе, у меншай ступені — «Моладзевы наступ» і «Наша справа».

Гэты падыход больш рэалістычны, на першае месца ставіцца пытаньне аб палітвязьнях як пытаньне, якое неабходна абмяркоўваць зь беларускімі ўладамі і выходзіць на дыялёг з рэжымам Лукашэнкі. А ўзамен, каб гэты дыялёг адбыўся, прасіць заходніх партнэраў аб зьмякчэньні санкцыяў. Альбо каб санкцыйную палітыку прынамсі не ўзмацняць.

Мы зараз назіраем разыходжаньне менавіта падыходаў унутры дэмакратычных сілаў. Гэта, вядома, працуе на раскол, на зьніжэньне папулярнасьці Ціханоўскай, на зьніжэньне яе значнасьці ўнутры дэмакратычных сілаў. Пры гэтым значнасьць яе постаці ў вачах заходніх партнэраў не зьмяншаецца, яна будзе заставацца на першым месцы. З гэтым складана штосьці зрабіць, дый, мусіць, ня варта з гэтым нічога рабіць, шкодзіць гэтаму. Але, тым ня менш, мой прагноз: уплыў дэмакратычных сілаў будзе скарачацца, як і папулярнасьць Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі як другога нумара ў дэмсілах. Унутраная супярэчнасьць паміж дзьвюма плынямі ў дэмакратычных сілах не пераадоленая. Гэта не спрыяе росту папулярнасьці Ціханоўскай. Зрэшты, ад гэтага ўвогуле мала хто выйграў.

"Свабода"