Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка тлумачыць, як улада стварае карцінку для Захаду на тэму «ня ўсё так адназначна», і заяўляе, што ўсе кандыдаты ў прэзыдэнцкай кампаніі — гэта розныя гатункі Лукашэнкі.
— Менскі рэжым працягвае рэпрэсіі, і, паводле пэўных зьвестак, яны нават колькасна пашыраюцца. Разам з тым тэлеграм-каналы сілавікоў перасталі трансьляваць гэтак званыя «пакаяльныя відэа», то бок улады зьмянілі тактыку і вырашылі не паведамляць грамадзтву пра рэпрэсіі. Як гэта варта ацаніць?
— Сапраўды, мы назіраем і ціск на сваякоў палітзьняволеных, на тых, каго арыштоўваюць, і на тых, каго вызваляюць — каб, крый Божа, яны не кантактавалі з праваабаронцамі і не расказвалі ім пра рэпрэсіі. Гэта стварэньне атмасфэры страху такім спосабам, каб зьвесткі пра рэпрэсіі не публікаваліся, але каб усе ведалі і бачылі, што яны ёсьць.
Тое, што я бачу апошні дзень ва ўсіх незалежных мэдыя — фатаздымкі з Марыяй Калесьнікавай з камэнтарамі, якая гэта цудоўная навіна, — дык я, па шчырасьці, лічу, што гэта роўна тое, чаго жадае рэжым. Бо фактычна ж нічога не зьмянілася — Калесьнікава палітзьняволеная, яна застаецца ў статусе «інкамунікада», у жудасных умовах. Ёй проста дазволілі сустрэцца з татам адзін раз — і мы ўсе радуемся.
У гэтым сэнсе паказальна, як палітычныя паплечнікі Марыі, у прыватнасьці Іван Краўцоў, пішуць, што гэта вельмі радасная навіна, што ўсё добра. Аднак гэта роўна тое, чаго хочуць лукашэнкаўцы. Каб людзі не заўважалі рэпрэсіі. Гэта можна параўнаць з тым, што людзей штодня катуюць — а потым па выходных ня робяць катаваньні. І што — гэтаму радавацца?
— У канкрэтным выпадку Марыі Калесьнікавай пра яе спытаў карэспандэнт Бі-бі-сі падчас інтэрвію з Лукашэнкам у Казані. Лукашэнка сказаў, што яна можа сустрэцца з роднымі, як і ўсе астатнія зьняволеныя, — і ўлада вымушаная была выконваць гэтыя словы. Ці можна казаць, што для іншых палітвязьняў нічога ад гэтага ня зьменіцца?
— Мяркую, што так — ня зьменіцца. У гэтым сэнсе варта ўхваліць намаганьні палітычных паплечнікаў Калесьнікавай, якія ўзьнялі вялікую інфармацыйную хвалю і зрабілі фокус менавіта на яе статусе. Аднак, зноў-такі, гэта стварае ўражаньне, нібыта рэжым пайшоў на нейкія саступкі. Але на самой справе нічога не зьмянілася.
Рэжым сам робіць пагаршэньне ўмоваў для палітвязьняў, статус інкамунікада, які зьявіўся для палітвязьняў толькі ў апошнія гады. І нават калі трошкі аслабляе — то гэта вельмі малое паляпшэньне. Але калі паглядзець некаторыя незалежныя мэдыя, то выглядае так, нібыта пачалася новая хваля ледзь не лібэралізацыі.
— 7 лістапада была памілаваная новая група палітзьняволеных, 31 чалавек. Пасьля пэўнай паўзы Лукашэнка зноў гэта робіць — відавочна, дзеля нейкай мэты, кідаючы пэўны мэсыдж Захаду?
— Гэтыя хвалі памілаваньняў пачаліся летам разам зь некаторымі кадравымі зьменамі ў беларускім кіраўніцтве. Але мы бачым, што рэпрэсіі працягваюцца, зьяўляюцца новыя палітзьняволеныя. У такі спосаб Лукашэнка можа працягваць бясконца. Гэта не «лібэралізацыя», гэта больш тонкае маніпуляваньне, стварэньне карцінкі, што кагосьці вызваляюць. Пры гэтым сутнасьць і падыход не мяняецца, тыя ж рэпрэсіі, якія не дазваляюць ніякай грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі.
— А дзеля чаго ўлада працягвае гэтыя рэпрэсіі, якая ў гэтым галоўная мэта падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі?
— Тут нічога кардынальна новага, гэта было і ў ранейшых выбарчых кампаніях. Прэвэнтыўныя затрыманьні, візыты да актывістаў. Гэта стратэгія запалохваньня грамадзтва, каб не было ніякага жаданьня праяўляць хоць якую палітычную актыўнасьць.
Палітыка рэпрэсіяў не зьмянілася, пытаньне для ўлады толькі ў тым, як мэдыйна гэта па-новаму запакаваць. Альбо выстаўляць фоткі затрыманых і зьбітых, альбо выстаўляць фотку Калесьнікавай з бацькам.
І гэта паказвае зьмену ў інфармацыйнай тактыцы рэжыму. Ствараецца карцінка для Захаду на тэму «ня ўсё так адназначна». Накіроўваюцца сыгналы як Захаду, так і тым беларускім палітэмігрантам, якія «выгаралі» і расчараваныя. Каб лукашэнкаўскія лабісты на Захадзе і тыя, хто вымушаныя быць такімі лабістамі (у тым ліку сваякі палітзьняволеных) — каб усе яны казалі: «Ня злуйце дзеда. Калі яго не злаваць, то ён пачынае кагосьці вызваляць». І Лукашэнка будзе ўвесь час падкідаць паліва для такой лабісцкай дзейнасьці.
— Што можна сказаць пра сцэнар гэтай выбарчай кампаніі? Чаму некаторыя «кандыдаты» здымаюцца, нават не пачаўшы збор подпісаў? Якая функцыя ў тых кандыдатаў, якія застануцца ў бюлетэнях?
— Гэта абсалютная імітацыя палітычнага жыцьця. «Кандыдаты» прадстаўленыя нібыта ад розных сацыяльных групаў і ад зарэгістраваных палітычных партыяў.
Аднак відавочна, што ўсе «кандыдаты» — гэта розныя гатункі Лукашэнкі. Калі, напрыклад, чалавек прыходзіць у рэстарацыю і яму прапануюць адну страву, толькі з рознымі соўсамі. Гэта імітацыя выбару, дзе выбару няма.
Сьмешна чуць, як гэтыя «кандыдаты» заяўляюць, што яны вылучыліся, каб падтрымаць Лукашэнку. Я думаю, улады пакінуць у бюлетэнях некалькі кандыдатаў, якія будуць імітаваць палітычную канкурэнцыю, пад рознымі соўсамі нахвальваючы Лукашэнку.
У якасьці «сьмелага» палітычнага кроку яны дапусьцілі да гэтага этапу Ганну Канапацкую. Яна будзе прэтэндаваць гуляць ролю найбольш пераканаўчай імітацыі для Захаду. Яна сапраўды была сяброўкай апазыцыйнай партыі (АГП), дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Пасьля выбараў яна будзе хадзіць па заходніх амбасадах і казаць, што цяпер яна новая апазыцыя, размаўляйце зь ёю. Яна ўжо пэдалюе тэму, што ўся іншая апазыцыя — гэта стаўленікі Крамля, ужо заходнія мэдыя пачынаюць у мяне пытацца пра Канапацкую.
Яна ў цяперашнім сваім статусе ня здольная на публічную крытыку Лукашэнкі, не гаворыць пра палітвязьняў, не гаворыць пра вайну, — таму гэта абсалютная імітацыя самастойнасьці.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия