Іван Ступак — пра «збітыя дроны» і перакідванне беларускіх войскаў на мяжу з Украінай.
Днямі Александр Лукашэнка распавёў пра нібыта збітыя беларускай супрацьпаветранай абаронай дроны, якія заляцелі ў паветраную прастору Беларусі з Украіны, піша Салідарнасць. А Мінабароны даручыў «узмацніць групоўкі войскаў» на тактычных накірунках, то бок каля беларуска-украінскай мяжы.
Аднак большасць аналітыкаў мяркуе, што гэтая рыторыка тлумачыцца гульнёй на расійскую аўдыторыю, якая шукае вінаватых у прарыве ўкраінскіх сіл у Курскую вобласць. А ці былі наогул дроны?
— Давайце гэтую сітуацыю «есці па частках», — прапануе эксперт Украінскага інстытута будучыні, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак у эфіры Еўрарадыё. — Дыктатар Лукашэнка заяўляе, што ўкраінскія беспілотнікі ляцелі чарадой у напрамку Касцюковічаў і там былі збітыя. Гучыць нібыта лагічна і выклікае пытанні: што гэта Украіна робіць, што сабе дазваляе?
Паводле Лукашэнкі, частку беспілотнікаў збілі сіламі авіяцыі, а таксама падцягнулі сістэму залпавага агню.
Аднак калі б Беларусь змагла збіць украінскі беспілотнік сістэмай залпавага агню — імаверна, Лукашэнка мог бы атрымаць Нобелеўскую прэмію, як Рамзан Кадыраў, бо гэта насамрэч нонсенс і такога яшчэ ніхто не рабіў.
А што да той часткі беспілотнікаў, якая нібыта была збітая над РФ — у той дзень Расія нічога не паведамляла пра знішчаныя беспілотнікі ў тым раёне.
Пры тым рэшткі збітых апаратаў у Беларусі шукалі на невялікай плошчы ажно двое сутак, і только ўчора ўвечары прапагандысцкія тэлеграм-каналы распаўсюдзілі відэа з абломкамі, што вісяць на дрэвах, ляжаць на зямлі і г.д.
Але ж ёсць нюанс: людзі, якія развешвалі на дрэвах тыя абломкі, не маюць уяўлення, як збіваюцца беспілотнікі — тыя не застаюцца на дрэвах, яны падаюць на зямлю і выбухаюць, на відэа з рэальнымі кадрамі збіцця бачна, што рэшткі ўсе абгарэлыя. А тут на кадрах нават сухая трава не абпаленая. У мяне складаецца ўражанне, што гэтыя фрагменты былі прывезеныя зусім з іншай лакацыі і раскіданыя — гэта поўная імітацыя і поўная лажа.
Што да гучных заяў пра ўзмацненне вайсковай групоўкі і перакідванне зброі і тэхнікі да беларуска-польскай мяжы то, як на маю думку, гэта выглядае спектаклем, блефам, што мае на мэце прымусіць нервавацца ўкраінскі Генштаб і асабіста прэзідэнта Зяленскага, а таксама прымусіць зняць частку альбо ўсе ўкраінскія войскі з Курскай вобласці і адвесці зноў на мяжу з Гомелем і Мазыром, як тое было да ліпеня 2024 года. Гэта дало б расіянам выйграць час і скарыстаць пэўныя магчымасці.
На карысць тэзісу, што гульня мускуламі беларускага правіцеля ёсць толькі пастаноўкай на публіку, паказваюць і іншыя акалічнасці, мяркуе эксперт:
— Нават калі ўявіць, што Украіна выкарыстала паветраную прастору Рэспублікі Беларусь для запуску беспілотніка, — як правіла, выклікаецца пасол у МЗС, і таму робяць наганяй, уручаюць ноту пратэсту. Але каб адразу на адзін-два беспілотнікі выганялі танкі, людзей, тэхніку і ўзбраенне — гэта выглядае, паўтаруся, менавіта спробай нагнаць страху на ўкраінскае камандаванне, каб тое прыбрала войскі з Курскай вобласці.
Але пакуль што ўсур’ёз ва Украіне патэнцыйную вайсковую пагрозу з боку Беларусі не разглядаюць. Усе разумеюць, што Лукашэнка блефуе, бо яму зараз не да таго (згадаем, у тыя дні ён займаўся аграрнымі пытаннямі, яму падаравалі працоўны штодзённік з 1987 году і ён ударыўся ў настальгію па каровах, свіннях, макусе і г.д.), і пра вайну яму было гаварыць цалкам нязручна.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия