Нядаўняя заява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Расея хоча ўцягнуць Беларусь у вайну, выклікала новую хвалю спрэчак вакол гэтага даўняга пытання, пiша палітычны аналітык Вiталь Цыганкоў. Вядома, у Зяленскага ёсць свае матывы гэтак заяўляць, але дылема, ці ўступіць Беларусь у вайну сваімі войскамі, практычна безупынна абмяркоўваецца з моманту пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Расеі ў лютым 2022 года.
Магчыма, гэта не тая тэма, дзе варта іранізаваць, але пытанне гэтае настолькі ж вечнае, як рэальна існая пагроза беларускай незалежнасці. Проста мы абмяркоўваем гэтую пагрозу фактычна з 1991 года, калі Беларусь набыла гэтую самую незалежнасць. І часам яно надакучвае.
Так і тут, з першага дня пачатку вайны ўсе абмяркоўваюць, ці ўступяць у яе беларускія войскі. Памятаю, менавіта гэтай тэме быў прысвечаны мой самы першы Двубой у кастрычніку 2022-га. І калі мы правялі галасаванне на сайце «Белсату», то 80 % чытачоў падтрымалі пазіцыю таго ўдзельніка, які пераконваў, што Беларусь уступіць у вайну, бо няма куды дзявацца, Лукашэнка не самастойны і Пуцін загадае.
Большасць палітычна актыўных беларусаў, нашых гледачоў дый экспертаў тады думала менавіта так. Аднак прайшло ўжо амаль тры гады вайны – а беларускія войскі ўсё яшчэ застаюцца ў казармах.
Прызнаюся, за гэтыя тры гады я заўсёды даказваў, што Лукашэнка не дашле сваіх вайскоўцаў на вайну з Украінаю – нават калі большасць аўдыторыі і экспертаў была настроена адваротна.
І для гэтага шмат фактараў. Перш за ўсё – так званы антываенны кансэнсус у беларускім грамадстве. Не толькі сярод дэмакратычна і праеўрапейска-праўкраінска настроеных людзей, але нават сярод лукашыстаў ёсць нежаданне, каб беларускія войскі ўступалі ў гэты канфлікт. 85 % беларусаў выступаюць супраць гэтага.
Больш за тое, Лукашэнка з дапамогаю прапаганды прапануе грамадству фактычна як апошні свой козыр тое, што ён не даў уцягнуць Беларусь у вайну. Гэта не вельмі адпавядае фактам, але, як паказвае сацыялогія, значная частка грамадства схільная верыць гэтаму тэзісу.
Так што Лукашэнка разумее, што для яго ўваход беларускіх войскаў у вайну азначае канчатковае палітычнае самагубства. Не толькі таму, што большасць народу гэтага не падтрымае, але і таму, што незразумела, якія будуць палітычныя наступствы, як павядзецца армія, як павядзецца насельніцтва. І – дарэчы – незразумела, як павядзецца Захад, наколькі жорсткімі могуць быць санкцыі ў такім выпадку і як можа адрэагаваць непрадказальны Дональд Трамп.
Так што з лагічнымі перасцярогамі Лукашэнкі ўсё зразумела. Але тут мне могуць сказаць: маўляў, хто ж яго спытае, ён марыянетка, і калі Пуцін загадае – то Лукашэнка адразу ж паслухаецца. А вось не факт. І практыка апошніх гадоў (а практыка – крытэрый праўды) паказвае, што гэта зусім не факт.
Нават калі Масква і прыціскала, то Лукашэнку ўдавалася адбівацца, угаворваючы Пуціна, што ўваход Беларусі ў вайну зробіць толькі горш ім абодвум. І здаецца, у Крамлі гэтыя аргументы знаходзяць калі не згоду, то хаця б разуменне. Бо плюсаў ад удзелу ў вайне некалькіх тысячаў баяздольных частак беларускага войска не так і шмат, а патэнцыйных драматычных мінусаў значна больш. Так што рызыкну даць прагноз (які на сёння выглядае ўжо дастаткова банальным і відавочным), што беларускае войска так і не ўступіць у актыўныя баявыя дзеянні супраць Украіны.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия