У Беларусі зноў пачынае працу сайт грамадзянскага назірання за выбарамі Electby.org. Гэта адкрытая для ўсіх пляцоўка, дзе кожны можа падзяліцца сваімі назіраннямі і адчуваннямі ад парламенцкіх выбараў.

Асноўная функцыя Electby.org – гэта збор паведамленняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян і іх аўтаматычная візуалізацыя на мапе Беларусі. Кожнае паведамленне з’яўляецца ў выглядзе кропкі на інтэрактыўнай мапе і сістэматызуецца па катэгорыях. Дасылаць паведамленні можна па-беларуску ці па-руску: мова арыгінала будзе захаваная. Чым больш людзей пакіне свае сведчанні на Electby.org, тым больш поўнай будзе карціна выбарчай кампаніі і яе вынікаў.

Карыстацца Electby.org стала яшчэ прасцей і зручней. Паведамленнямі з сайта можна падзяліцца са сваімі сябрамі ў сацыяльных сетках. Функцыя зваротнага адліку з дакладнасцю да секунды пакажа, колькі часу засталося да дня выбараў, а зручны электронны каляндар дапаможа лепш арыентавацца ў асноўных этапах выбарчай кампаніі.

Абяцанні кандыдатаў, агітацыйныя кур’ёзы, прымус да тэрміновага галасавання, ціск на актывістаў, махінацыі з бюлетэнямі… З дапамогай Electby.org усе гэтыя штрыхі імгненна адлюструюцца на жывой мапе “Выбары 2012”. У ходзе выбарчай кампаніі на сайце рэгулярна будуць з’яўляцца новыя функцыі.