Беларускі журналіст – пра тое, што зараз адбываецца ў Курскай вобласьці.

–  Гэта не асобная вылазка ўкраінскіх войскаў дзеля інфармацыйнага піяру і стварэньня адпаведнай псіхалагічнай атмасфэры. Гэта значна больш сур’ёзна, – мяркуе Віталь Цыганкоў.

– Там не дывэрсійная група, там, як паведамляецца, найлепшыя (элітныя) украінскія брыгады. Яны ўжо занялі прынамсі 11 (на цяперашнюю гадзіну) населеных пунктаў, праніклі на тэрыторыю Расеі на 15 км, і прасоўваюцца далей.

Як выглядае на дадзены момант, яны не зьбіраюцца «пашумець» і вяртацца на тэрыторыю Украіны – наадварот, туды перакідваюцца падмацаваньні і сродкі Супрацьпаветранай абароны. 

Некалькі паказальных і проста цікавых фактаў.

1.Райцэнтар Суджа, з якога ўжо эвакуююць насельніцтва, і які, магчыма, у найбліжэйшыя дні могуць захапіць украінцы – як паведамляюць украінскія гісторыкі, «З 29 листопада по 27 грудня 1918 року Суджа була столицею радянської України».

2. Вёска Сверлікава (ці ўжо занятая ўкраінцамі, ці каля таго) – гэта газавая мытня, праз гэтую станцыю праходзіць адзіны працуючы маршрут, па якім ідзе газ, што паступае з Расеі ў Эўропу.

3.Некаторыя расейскія шавіністычныя паблікі пішуць, што мэта ўкраінцаў – не адцягваньне ўвагі з іншых участкаў фронту, а захоп Курскай АЭС. Да яе кіламетраў 60.

4. І так, вішэнька на торце – у наступе на Курскую вобласьць сапраўды ўдзельнічаюць (як сьцьвярджаюць і расейскія, і ўкраінскія крыніцы) часткі украінскага апэратыўнага камандаваньня «Поўнач», якія раней размяшчаліся на мяжы Украіны з Беларусьсю.

Падзеі ў Курскай вобласьці – прыкметны паварот у вайне і заўважнае падвышэньне ставак з боку Кіева.