Кіраўнік самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія пакінуў Сухумі пасьля патрабаваньня апазыцыі пайсьці ў адстаўку, паведамляе «Эхо Кавказа».

Раней Бжанія публічна адмовіўся сыходзіць у адстаўку.

«Кіраўніцтва Абхазіі: прэзыдэнт Абхазіі, віцэ-прэзыдэнт Абхазіі, прэм’ер-міністар, чальцы ўраду знаходзяцца на месцах у Абхазіі і будуць знаходзіцца на месцах і будуць працаваць далей. Прасіў бы вас на правакацыі не паддавацца. Я тут, у Абхазіі, і будзем працаваць далей», — заявіў Бжанія 15 лістапада.

Абхазская апазыцыя, выслухаўшы пазыцыю Бжанія, заклікала яго падаць у адстаўку. Яму далі «гадзіну на разважаньні».

«Калі ён не падасьць у адстаўку, вы ведаеце, што мы будзем рабіць. Мы пойдзем туды, дзе ён знаходзіцца», — заявіў адзін зь лідэраў апазыцыі Леван Міка.

Пазьней высьветлілася, што Бжанія зьехаў з Сухумі. Згодна з заявай ягонай прэс-службы, уначы ён прыбыў у радавое сяло Тамыш за 40 кілямэтраў ад Сухумі. Паводле інфармацыі апазыцыі, «ёсьць вялікая верагоднасьць», што цяпер Бжанія знаходзіцца на тэрыторыі расейскай вайсковай часткі.

«Калі прэзыдэнт ня выйдзе на сувязь з раніцы, дык [...] парлямэнт павінен сваім кворумам вырашыць пытаньне адрачэньня», — заявіў Міка.

15 лістапада сотні чалавек выйшлі на мітынг у Сухумі, пратэстуючы супраць інвэстыцыйнай дамовы з Расеяй. Абхазскія ўлады разглядаюць дамову як стымул для мясцовай эканомікі. Апазыцыя лічыць яе «прамой здачай інтарэсаў» самаабвешчанай рэспублікі.

Пры гэтым лідэры апазыцыі неаднойчы падкрэсьлівалі, што пратэсты накіраваныя выключна супраць палітыкі Бжаніі, а ня супраць Расеі, якую яны назвалі «стратэгічным партнэрам» і «адзіным гарантам бясьпекі». Пратэстоўцы размахвалі расейскім сьцягам і скандавалі «Расея!», адказваючы на абвінавачаньні ўладаў у антырасейскіх настроях.

Падчас пратэсту мітынгоўцы зьнесьлі частку плота вакол комплексу ўрадавых будынкаў і трапілі на тэрыторыю ўрадавага комплексу, а потым унутр парлямэнта і адміністрацыі Бжанія. Удзельнікі акцыі закідалі супрацоўнікаў міліцыі яйкамі і бутэлькамі. Тыя ўжылі дымавыя шашкі і сьлезацечны газ. Падчас пратэсту пацярпелі 13 чалавек, траім зь іх спатрэбілася шпіталізацыя.

На фоне пратэстаў парлямэнт самаабвешчанай Абхазіі адмяніў сэсію, на якой павінна было прайсьці галасаваньне па пытаньні ратыфікацыі інвэстыцыйнай дамовы з Масквой. Пазьней у адміністрацыі Бжаніі паабяцалі адклікаць праект дамовы.

  • Сваю незалежнасьць Абхазія і Паўднёвая Асэтыя абвясьцілі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Па выніках вайны з Грузіяй у 2008 годзе іх незалежнасьць прызнала Расея — на тэрыторыі абедзьвюх рэспублік разьмешчаныя расейскія вайскоўцы, эканоміка абедзьвюх моцна залежыць ад Расеі.
  • Пазьней незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі прызналі яшчэ чатыры краіны ААН: Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. У дакумэнтах ААН абедзьве тэрыторыі названыя рэгіёнамі Грузіі. Сама Грузія афіцыйна лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю акупаванымі расейскім войскам.
  • Беларусь не прызнае незалежнасьць Абхазіі. Аднак у верасьні 2022 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся там з Асланам Бжанія. У лютым 2023 году Бжанія прыбыў зь візытам у Менск, дзе правёў перамовы з Лукашэнкам.