30 гадоў таму прагучалі выступы двух палітычных дзеячоў з постсавецкіх краінаў, у якіх яны папярэджвалі пра небясьпеку імпэрскага рэваншу з боку Масквы, пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.

Першы нават зьмяшчаў у сабе слова «небясьпека» — напісаны па-расейску артыкул лідэра БНФ Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности» быў надрукаваны ў парлямэнцкай «Народнай газеце» 15–17 студзеня 1994 году.

З другім папярэджаньнем на падобную ж тэму выступіў тагачасны прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры на ўрачыстай вячэры ў старажытнай ратушы ў нямецкім Гамбургу 25 лютага 1994 году.

Мэры разглядаў праблему ў агульнаэўрапейскім кантэксьце; Пазьняк рабіў праекцыю тэмы на Беларусь. Аднак абодва аўтары супалі ў аргумэнтацыі, а ў некаторых выпадках нават у выбары прыкладаў з гісторыі.

Абодва тэксты можна знайсьці ў сеціве. Прывяду па фрагмэнце з кожнага.

«Імпэрская дзяржава ня можа быць дэмакратычнай»

Зянон Пазьняк пісаў, што новыя расейскія кіраўнікі на чале зь Ельцыным ужываюць «старую імпэрскую палітыку — падзяляць народы і групы насельніцтва, нацкоўваць іх паміж сабой, зьнішчаць адных, выяжджаючы на сьпінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраваньне, маёмасьць і панаваць праз залежных і падстаўных.

Ідэалёгія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у сумежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расеі і правы расейцаў (прыгадайце „правы немцаў“, гітлераўскія „аншлюсы“ і да т. п. зьявы, асуджаныя сусьветнай супольнасьцю). Больш за тое, яны зьбіраюцца „абараняць“ правы нават не расейцаў, а „рускамоўных“, гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах. Гэта азначае, што ня будуць прызнаныя ніякае нацыянальна-культурнае адраджэньне і дэмакратыя ў гэтых краінах (бо нацыянальна-культурнае адраджэньне, выйсьце з імпэрыі — сутнасна працэсы дэмакратычныя). Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сумежных краінаў.

... Імпэрская дзяржава з імпэрскай грамадзкай сьвядомасьцю, імпэрскай экстэнсіўнай палітыкай, з шматнацыянальнай структурай ня можа быць дэмакратычнай. Гэта аксіёма, пра якую даводзіцца нагадваць».

Гэтыя радкі, як і сам артыкул Пазьняка, выклікалі тады надзвычай нэгатыўную рэакцыю. З абвінавачваньнем у імкненьні пасварыць «братэрскія народы» выступіла падкантрольная Вячаславу Кебічу «Советская Белоруссия». Даволі рэзкую крытыку ў адрас лідэра БНФ выказалі і прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці, якія не пагадзіліся з ацэнкай Расеі як «імпэрыі».

Асабліва не спадабаліся ацэнкі новых расейскіх кіраўнікоў, якія на фоне посткамуністычнага беларускага ўраду ў той час успрымаліся ўвасабленьнем дэмакратыі і лібэральных рэформаў — Ельцына, Гайдара, Козырава. Ня кажучы ўжо пра паралелі з Гітлерам. Так, Гітлер захапіў Судэты, потым Аўстрыю, але ж Крэмль нічога падобнага ня робіць – ці дапушчальна зь нейкіх палітычных заяваў рабіць гэткія глябальныя высновы?..

«Чаканячы крок, ён выходзіць з залі. Дзьверы з грукатам зачыняюцца»

А цяпер цытата з выступу эстонскага прэзыдэнта Ленарта Мэры, пісьменьніка і перакладчыка (у свой час ён быў вядомым дысыдэнтам, а юнацкія гады правёў у Сібіры, куды быў сасланы разам з бацькам-дыпляматам пасьля далучэньня Эстоніі да СССР):

«... Зразумела, што развал Савецкага Саюзу Захад разглядае як своеасаблівы трыюмф; субʼектыўна зразумела і тое, што Захад засяродзіў усе свае надзеі і сымпатыі на дзейных у Расеі рэфарматарскіх сілах. Тым ня менш з такім стаўленьнем Захад рызыкуе неўзабаве апынуцца ў шчамлётках самападману.

... Прыгледзімся да дакумэнта, ня так даўно выпушчанага расейскім МЗС. У ім гаворыцца, што праблему этнічных расейцаў, якія жывуць у суседніх краінах, Расея будзе вырашаць ня толькі дыпляматычнымі сродкамі. І гэта пры тым, што этнічныя расейцы часта зьяўляліся ў суседніх краінах з прычыны іх гвалтоўнай акупацыі і дэпартацыі мясцовага насельніцтва.

З гэтага маскоўскага мэмарандуму застаецца толькі зрабіць выснову, што ў выпадку неабходнасьці Расея будзе гатовая прыняць і іншыя меры. Якімі могуць быць гэтыя захады, мы, эстонцы і іншыя малыя народы, занадта добра ведаем на прыкладзе сваёй нядаўняй гісторыі.

... Калі вы сапраўды хочаце дапамагчы Расеі і яе народу, дык трэба даходліва растлумачыць цяперашняму расейскаму кіраўніцтву, што яшчэ аднаго імпэрскага захопу ніхто не пацярпіць. Тыя ж, хто гэтага ня зробіць, будуць дапамагаць ворагам дэмакратыі ў Расеі ды іншых посткамуністычных краінах».

Прэзыдэнт Эстоніі яшчэ працягваў сваю прамову, калі адзін з гасьцей у знак абурэньня пакінуў урачыстую вячэру.

Захавалася сьведчаньне карэспандэнткі Die Zeit Анны фон Мюнхгаўзэн: «Чаканячы крок, кінуўшы пагардлівы позірк на прымаючы бок, ён выходзіць з залі, кожны крок суправаджаецца скрыпам паркету. За ім чуецца шэпт. Хто гэта быў? Чаго гэта ён? Дзьверы з грукатам зачыняюцца».

«Хто гэта быў?» — калі і прагучаў у сьценах ратушы адказ на такое пытаньне, прозьвішча тады мала што сказала прысутным. Гэта быў віцэ-мэр Санкт-Пецярбургу, пабраціма Гамбургу, Уладзімір Пуцін.

«Ельцын навучыць Лукашэнку дэмакратыі»

Як публікацыя Пазьняка не была ўспрынятая ў Беларусі, гэтак і выступ Мэры ня быў асэнсаваны заходнім палітычным істэблішмэнтам.

У 1994-м беларускае грамадзтва яшчэ не адарвалася ў сваім сьветаадчуваньні ад Расеі, шмат хто ўспрымаў незалежнасьць як часовую зьяву, а Расею — як самы блізкі народ «цягам стагодзьдзяў» (пра захопніцкія войны Масковіі ў школе не асабліва і гаварылі).

Захад жа ў той час перажываў тое, што Фрэнсіс Фукуяма вызначыў як «канец гісторыі» — будучы пэўным, што камунізм, сымбалем якога доўгі час быў СССР, пераможаны і наперадзе сьветлыя часы дэмакратыі.

На Расею Ельцына заходнія лідэры глядзелі ня толькі як на пераможцу камуністычнай сыстэмы, але і як на гаранта незваротнасьці дэмакратычных працэсаў як у самой Расеі, так і ў іншых постсавецкіх краінах. Лідэры апазыцыйных партый, якім у тыя гады даводзілася сустракацца з амэрыканскімі і эўрапейскімі палітыкамі, могуць прыгадаць выказаныя імі спадзяваньні, што «Ельцын навучыць Лукашэнку дэмакратыі».

Тым часам Масква замарозіла канфлікт у Прыднястроўі, разьвязала спачатку адну, а потым другую чачэнскія войны. У 2008 годзе ўвяла войскі ў Грузію, а праз шэсьць гадоў зрабіла тое, чаго ў пасьляваеннай гісторыі Эўропы не было: анэксавала частку тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы, адрэзаўшы ад Украіны Крым і фактычна акупаваўшы значную частку Данбасу.

Нарэшце, у 2022-м была разьвязаная поўнамаштабная вайна. Падставай для якой, сярод іншага, была названая «абарона» этнічных расейцаў і «расейскамоўных» — роўна гэтак, як і папярэджвалі ў 1994-м.

Ад фантому да ўсьвядомленай рэальнасьці

Днямі дэпутатка Эўрапарлямэнту Раса Юкнявічэне ў інтэрвію «Настоящему времени» канстатавала, што доўгія гады эўрапейскія краіны не ўспрымалі ўсур’ёз пагрозу з боку Расеі. Нават падзеі 2014 году, калі быў анэксаваны Крым і разьвязаныя ваенныя дзеяньні, не былі належным чынам асэнсаваныя, сказала яна. Цяпер жа для таго, каб рэарганізаваць вайсковую інфраструктуру, спатрэбяцца гады. Юкнявічэне ведае, пра што гаворыць: яна была міністаркай абароны Літвы.

Сёньня пераглядаецца, па сутнасьці, уся сыстэма эўрапейскай бясьпекі, краіны пераглядаюць свае бюджэты, павялічваючы фінансаваньне арміі і вытворчасьці ўзбраеньняў. Пры гэтым у якасьці патэнцыйнага нападніка называецца ня нейкі абстрактны вораг, а канкрэтная дзяржава – Расея.

Міністар замежных спраў Італіі Антоніё Таяні заявіў пра стварэньне агульнаэўрапейскай арміі як надзённую неабходнасьць і «фундамэнтальную перадумову для правядзеньня эўрапейскай замежнай палітыкі». Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Швэцыі Мікель Бюдэн і міністар цывільнай абароны краіны Карл-Оскар Булін заклікалі суграмадзянаў быць гатовымі да таго, што можа пачацца вайна. Камандуючы арміяй Нідэрляндаў Марцін Вэйнэн заклікаў суайчыньнікаў быць гатовымі да вайны з Расеяй – нягледзячы на тое, што краіна, як ён нагадаў, знаходзіцца на адлегласьці 1500 км ад РФ.

Надышоў момант, калі імпэрскія памкненьні Крамля ўжо не ўспрымаюцца палітычнай элітай Захаду як фантомныя.

 "Свабода"