Трэба пераносіць вайну не толькі на тэрыторыю Расіі, але і ў Беларусь. Такую заяву 5 кастрычніка на "Форуме свабоднай Расіі" зрабіў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Алег Дунда, піша Еўрарадыё.

"Мой пункт погляду – абсалютна важна пераносіць вайну не толькі на тэрыторыю Бранска і Курска, але і ў Беларусь. Я глыбока ўпэўнены: калі зойдзем адносна невялікімі падраздзяленнямі ў Беларусь, беларуская армія складзе сваю зброю. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве – паказаць, што яна не кантралюе гэтыя тэрыторыі, яна не гатовая абараняць іх".

Дунда лічыць, што Украіне не варта спыняцца, і яна мусіць праводзіць такія аперацыі, каб перамагчы ў вайне супраць Расіі.

Вайна ўжо пачала "прыходзіць" на тэрыторыю Беларусі. Неаднаразова на тэрыторыю краіны заляталі расійскія дроны "Шахеды", а ў пачатку кастрычніка адзін з іх упаў у Калінкавічах. Жыхарку дома, камера назірання якога зафіксавала гук ад "Шахеда", вельмі хутка затрымала КДБ.