Палітоляг, рэдактар «Беларускага штогодніку» Вадзім Мажэйка аналізуе вынікі сустрэчаў на форуме ў Давосе, разважае пра ўменьне спалучаць тактычныя і стратэгічныя мэты і адказвае на пытаньне, ці існуе «праблема 2025 году» для легітымнасьці Ціханоўскай.

— Складаецца ўражаньне, што сустрэчы каманды Сьвятланы Ціханоўскай у Давосе ўжо значнай часткай дэмакратычнай грамадзкасьці ўспрымаюцца як норма, як нешта звыклае і традыцыйнае. Калі ж паглядзець «збоку», то як можна ацаніць той факт, што Ціханоўская ўжо ня першы год езьдзіць на самы аўтарытэтны сусьветны форум і там сустракаецца зь першымі асобамі бізнэсу і палітыкі?

— Варта адзначыць гэтую паўторнасьць і сыстэмнасьць. Бо часьцяком палітыкаў запрашаюць на форумы адзін раз, на фоне мэдыйнага хайпу. Умоўна — прыклад Грэты Тунбэрг: у пэўны момант яна супэрзорка, яе паўсюль запрашаюць, але потым гэта раптоўна канчаецца.

І ў гэтым сэнсе было натуральна, што Ціханоўскую запрашалі паўсюль адразу пасьля падзеяў 2020 году, — тут быў і элемэнт хайпу, і шчырая зацікаўленасьць, маўляў, паглядзіце, якая ў Беларусі ёсьць прэзыдэнтка ў выгнаньні. І таму вельмі важная гэтая сыстэмнасьць у працы, тое, што Ціханоўскую запрашаюць на найбуйнейшыя форумы кожны год, тое, што яна фактычна займае месца дзяржавы Беларусі на такіх форумах.

Зараз у Давосе Ціханоўская сустракалася ня толькі з традыцыйнымі сябрамі дэмакратычнай Беларусі, зь якімі і без таго добрыя стасункі. Былі сустрэчы і з прадстаўнікамі «праблемных» краінаў, зь якімі ўсё няпроста ў адносінах — з кіраўніком МЗС Украіны і прэзыдэнткай Вугоршчыны. Менавіта на такіх форумах ёсьць магчымасьць пашыраць дыпляматычныя кірункі.

— Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнткай Вугоршчыны Каталінай Новак, па-вашаму, можа зьмяніць «асаблівае стаўленьне» гэтай краіны да беларускага рэжыму? Мы ведаем, што ў Менск прыяжджаў міністар замежных справаў Вугоршчыны, і стаўленьне афіцыйнага Будапэшту адрозьніваецца ад пазыцыі большасьці эўрапейскіх краінаў.

— Мы бачым, што ніхто ў Эўропе ня ў стане зьмяніць некаторыя пазыцыі прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана. Так што было б дзіўна чакаць, што тое, чаго ня могуць зрабіць усе краіны Эўразьвязу разам узятыя, — што гэта пад сілу Сьвятлане Ціханоўскай. Таму, натуральна, наўрад ці спэцыфічная пазыцыя Вугоршчыны што да Расеі, што да Беларусі раптам зьменіцца.

Разам з тым важна ня сьпісваць адразу Вугоршчыну з рахункаў, а знаходзіць тэмы, па якіх магчымыя размовы, магчыма, для пачатку наладзіць пэрсанальныя стасункі, кантакты. Гэта вельмі важна, бо можа даць у свой час патрэбныя штуршкі.

І тут мне падаецца найбольш важнай сустрэча Ціханоўскай зь міністрам замежных справаў Украіны Кулебам. Гэта магчымасьць наладзіць пэрсанальны кантакт, бо, наколькі мне вядома, Сьвятлана Ціханоўская пэрсанальна ня надта добра ўспрымаецца ў кіеўскіх калідорах улады. І прадэманстраваць, што яна не «агентка Крамля» — гэта мае сэнс, і ў свой час можа схіліць у пэўны бок палітычныя шалі.

— Многія людзі ставяць пытаньне пра эфэктыўнасьць дзейнасьці каманды Сьвятланы Ціханоўскай на міжнародным узроўні. Маўляў, паездак і сустрэчаў хапае, а дзе станоўчыя вынікі? То ў адной краіне беларусам не даюць прытулку, то ў іншай краіне беларусаў зраўнаюць у статусе з расейцамі, і гэтак далей.

— Прэтэнзіі да Ціханоўскай я б падзяліў на 4 напрамкі.

Па-першае, гэта абгрунтаваныя і разумныя прэтэнзіі ў тым рэчышчы, што «мала посьпехаў, трэба болей». Важна, каб грамадзтва нагадвала любому палітыку пра ягоную місію, ставіла вострыя пытаньні, зьвяртала ўвагу на мэты, штурхала да большай актыўнасьці.

Другі аспэкт у тым, што Ціханоўская і яе каманда самі ўсталявалі ў свой час даволі высокую плянку. Ніхто ж не пытаецца ў кіраўніка руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазьняка, якіх посьпехаў ён дамогся на перамовах у Давосе. Адпаведна, да Ціханоўскай завышаныя чаканьні — і тут зразумелы адваротны бок гэтай справы.

Трэці аспэкт — гэта неразуменьне таго, як увогуле можа працаваць дыпляматыя. У тых, хто пытаецца «А дзе непасрэдныя вынікі паездак Ціханоўскай?» — мне самому хочацца спытаць: «А дзе, напрыклад, вынікі паездак дзяржсакратара ЗША Блінкена па Блізкім Усходзе?» Пры тым, што рэсурсы Ціханоўскай і дзяржсакратара ЗША, мякка кажучы, непараўнальныя. Бо так працуе дыпляматыя. Гэта ня значыць, што ты зь некім паразмаўляў — і адразу ўсё зьмянілася. Гэта доўгая, часам няўдзячная, часам карпатлівая праца.

Чацьвёртае — шмат каму падаецца, што праца палітыкаў такая лёгкая, прыемная: лётаеш, сустракаесься, наведваеш іншыя краіны. На самой справе ўсё гэта далёка ня так.

— Усё ж варта не забываць (і многія пра гэта нагадваюць), што галоўная стратэгічная мэта дэмакратычных сілаў — не, напрыклад, паляпшэньне сытуацыі з правам на пражываньне для беларусаў, якія выехалі (гэта тактычная мэта), а адхіленьне рэжыму Лукашэнкі і пабудова новай дэмакратычнай Беларусі. Як тут выглядаюць посьпехі ці няўдачы каманды Ціханоўскай?

— Бываюць больш ці менш спрыяльныя часы для нейкіх стратэгічных мэтаў. Калі ёсьць розны кантэкст, то вельмі важна для палітыка ўмець ставіць розныя мэты. І стратэгічныя, якія вядуць цябе наперад, і рэалістычныя, якія будуць нешта мяняць тут і цяпер.

І тут важна знайсьці нейкі балянс. Адна справа, калі ты дабіваесься прызнаньня «пашпарта Новай Беларусі» — гэта супэрважная справа, але стратэгічнай праблемы яна ня вырашыць. Стратэгічна — гэта прыцягненьне рэжыму да адказнасьці, ціск на тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях, тыя ж перамовы з кіраўніцтвам Гугла, каб пашыраць беларускія мэдыя. Гэта стратэгічныя рэчы, якія дазваляюць дабівацца патрэбных пераменаў у грамадзтве.

Таму правільная палітычная стратэгія — калі ты пакуль ня можаш перамагчы ворага тут і цяпер, то трэба нарошчваць палітычныя цягліцы, каб быць лепш падрыхтаваным да вырашальнай бітвы.

— Як вы ставіцеся да «праблемы 2025 году» для Ціханоўскай, калі, нагадаем, скончыцца яе палітычная легітымнасьць, атрыманая ў выніку выбараў 2020 году?

— Варта нагадаць, што Ціханоўская не праводзіла працэдуры інаўгурацыі, афіцыйна не заяўляла, што ўступае на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Калі Ціханоўскую называюць «абранай прэзыдэнткай», якая не ўступіла на пасаду, не пачала ажыцьцяўленьне сваіх паўнамоцтваў, называюць «дэмакратычнай лідэркай» Беларусі — то, адпаведна, гэтую пасаду ў выніку «выбараў» 2025 году ніхто ня зойме.

Легітымнасьць Ціханоўскай не ідэальная цяпер і ня будзе ідэальнай пасьля 2025 году. Мне падаецца, тут прынцыпова нічога ня зьменіцца. Усё магло б зьмяніцца, калі б у Беларусі адбыліся выбары, чымсьці падобныя да выбараў 2020 году — калі б былі новыя кандыдаты, якія займелі папулярнасьць, калі б адбыліся пратэсты. Зьяўленьне такіх новых лідэраў для легітымнасьці Ціханоўскай магло б стаць праблемай. Але, як падаецца, нічога такога ў Беларусі ў 2025 годзе не чакаецца.

Віталь Цыганкоў, "Свабода"