5 студзеня 2017 года памёр ураджэнец Ваўкавыска, польскі вайсковец і паўстанец Варшаўскі, агент брытыйскай выведкі Януш Брохвіч-Левінскі.
Януш Брохвіч-Левінскі нарадзіўся 17 верасня 1920 года ў Ваўкавыску ў сям’і Станіслава і Ядвігі з Пехацінскіх. Бацька – прафесар ва універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, пазней – прафесар Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, таму дзяцінства Януша прайшло ў розных гарадах – Варшаве, Любліне, Кракаве, Вільні. У 1938 годзе Януш Брохвіч-Левінскі скончыў ліцэй у Ваўкавыску і добраахвотнікам пайшоў у войска, паступіўшы ў дывізійную школу рэзерва падхарунжых у Гродна.
Януш з маці (1930 г.)
З пачаткам Другой сусветнай вайны, падхарунжы Януш Брохвіч-Левінскі удзельнічаў у баях з немцамі, а пасля агрэсіі СССР яго батальон быў перакінуты на ўсходні фронт. 18 верасня апынуўся у савецкім палоне, дзе вайсковы трыбунал вынес кару смерці. Каля Баранавіч, падчас этапавання палонных чыгункай Януш Брохвіч-Левінскі, разабраўшы пол вагона, уцёк.
Апынуўшыся на тэрыторыі захопленай немцамі, актыўна ўключыўся ў канспірацыйную дзейнасць.
У сакавіку 1944 года Януш Брохвіч-Левінскі быў накіраваны ў Варшаву, у батальон АК «Парасоль». У час Варшаўскага паўстання кіраваў абаронай т.зв. «Палацыка Міхля», за што атрымаў званне падпаручніка і Ордэн Virtuti Militari 5 ступені. Быў цяжка паранены і пасля капітуляцыі паўстання трапіў у нямецкі палон.
Вызвалены з лагера ваеннапалонных у Мурнаў амерыканцамі, Януш Брохвіч-Левінскі застаўся на Захадзе. Паступіў на службу ў брытанскую армію, служыў між іншым у гвардыі караля Георга VI. Як агент выведкі, працаваў у Палестыне і Судане.
Пасля выхаду ў адстаўку, працаваў афіцэрам у адной з ангельскіх ваенна-цывільных школ і перакладчыкам у дыпмісіі Вялікабрытаніі у ФРГ.
У 2002 годзе Януш Брохвіч-Левінскі вярнуўся у Польшу. Актыўна удзельнічаў у камбатанскім (ветэранскім) руху, сустракаўся з моладзю, выходзілі дакументальныя стужкі з яго удзелам.
У 2008 годзе Прэзідэнт Польшы Лех Качыньскі надаў Янушу Брохвіч-Левінскаму званне брыгаднага генерала, а ў лістападзе 2015 года Прэзідэнт Польшы Анджэй Дуда ўзнагародзіў яго Ордэнам адраджэння Польшчы.
Пахаванне Януша Брохвіч-Левінскага адбудзецца 25 студзеня 2017 года ў Варшаве.
Успаміны пана Януша Брохвіч-Левінскага можна прачытаць тут.
Віталь Прэдка, фота wpolityce.pl
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия