Ні для каго не сакрэт, што ваўкавычане імкнуцца захаваць добразычлівыя зносіны з нашымі суседзямі, а што датычыцца пытанняў культуры, то яны на асобым рахунку. Хоць мы і жывем у розных краінах, троху рознімся менталітэтам і размаўляем на розных мовах, за нашымі плячыма багатая гісторыя і культура, якія маюць, ой, шмат чаго агульнага. Захаванне самабытнасці і папулярызацыя народнай творчасці – гэта тая мэта, якая аб’ядноўвае людзей з розных краін.
Вадзім Бычак, дырэктар ваўкавыскага гарадскога Дома культуры актыўна падтрымлівае міжнародныя культурныя сувязі. Народныя калектывы з суседніх краін з задавальненнем прымаюць удзел у фестывалі народнай творчасці «Сяброўскі фэст», а таксама прыязджаюць павіншаваць песнямі і танцамі ваўкавычан на гарадскія і рэспубліканскія святы. Нашых артыстаў, у сваю чаргу, запрашаюць да сябе.
Адзін з такіх культурных абменаў адбываецца ўжо не адзін год з Домам культуры гміны Грудэк Беластоцкага павету, дырэктарам якога з’яўляецца Юрый Астапчук. Ён добра вядомы ў Ваўкавыску, як удзельнік і творчы кіраўнік ансамбля «Прымакі». Раней Грудэк з канцэртамі наведвалі ваўкавыскія «Уладары» і «Цвецень». У нядзелю, 29 кастрычніка, для жыхароў Грудэка выступіў Народны ансамбль песні і танца «Каларыт» Ваўкавыскіх электрычных сетак пад кіраўніцтвам Вадзіма Бычака.
Грудэк знаходзіцца недалёка ад польска-беларускай мяжы, таму тутэйшыя жыхары лічаць заходніх беларусаў сваімі землякамі і больш-менш размаўляюць на беларускай мове. Адметна і тое, што гмінаўскі Дом культуры носіць імя Кастуся Каліноўскага. Нашых артыстаў зал сустрэў цёпла і па-хатняму, а некаторыя нават падпявалі знаёмыя песні.У канцы мерапрыемства Юрый Астапчук звярнуўся да ўдзельнікаў ансамблю з падзякай і выказаў надзею, што такія сяброўскія сустрэчы будуць адбывацца часцей. Напрыканцы зал падняўся і праспяваў гасцям «Многае лета».
Вольга Масько
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия