Не маючы магчымасці бачыцца з унукамі, якія жылі ў Беластоку, Ларыса Геніюш пісала ім цёплыя лісты з вершамі ды малюнкамі. Толькі цяпер, дзякуючы Глебу Лабадзенку, унікальная спадчына пабачыла свет – без цэнзарскіх нажніцаў.

Зборнік паэзіі «Унукам», які ўключае ў сябе 91 верш (52 з якіх друкуюцца ўпершыню), быў прэзентаваны ў Горадні. Папярэдняя прэзентацыя прайшла ў Беластоку, таму ў Беларусі гэтую можна лічыць першай. У горад над Нёмнам завітаў унук Ларысы Антонаўны Міхась Геніюш (гаспадар прыватнай ветэрынарнай клінікі ў Беластоку) ды ўкладальнік кнігі Глеб Лабадзенка.

 

 

Міхась Геніюш, унук паэткі

За 25 гадоў Ларысу Геніюш толькі аднойчы выпусцілі да ўнукаў

Сёння цяжка сабе ўявіць, як выглядала камунікацыя паміж Ларысай Геніюш і яе ўнукамі, адарванымі адно ад аднаго мяжой паміж БССР і ПНР.

Малюнкі Ларысы Геніюш, якія яна дасылала ўнукам у Беласток разам з вершамі

У хаце Ларысы Антонаўны ў Зэльве тэлефону не было. Яна ішла на пошту, пісала цыдулку, у якой замаўляла размову. Адпаведная цыдулка прыходзіла сваякам у Беластоку – скажам, размова будзе праз 4 дні. І размова гэтая трывала… 15 хвілін! І тое, яе ўвесь час перарывала тэлефаністка, маўляў, трэба сканчаць, час выходзіць. Што заставалася? Лісты.

Лісты і малюнкі ўнукаў да «Бабы Ларысы»

Лісты і малюнкі ўнукаў да «Бабы Ларысы»

«Да бабулі мы маглі прыязджаць раз на два гады, яна да нас за ўвесь час, за 25 гадоў, прыехала толькі аднойчы – такія былі часы, – распавядае Міхась Геніюш. – Але мы ўвесь час перапісваліся. Яна дасылала нам вельмі цёплыя лісты з вершамі і каляровымі малюнкамі. Мы маглі замаўляць малюнкі! Я, прыкладам, любіў жывёлаў, то і замаўляў – яна малявала: зайцоў, свінак, качак, ваўкоў…»

Кніга дзіцячых вершаў і малюнкаў «Унукам»

Вершы калечыў зайздроснік з выдавецтва

Маці спадара Міхася старанна захоўвала гэтую перапіску. Так архіў і дачакаўся Глеба Лабадзенку, які ўжо не ўпершыню выдае цалкам невядомыя альбо пакалечаныя савецкай цэнзурай творы класікаў: «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» Быкава, «Ладдзя роспачы» Караткевіча, а зараз яшчэ і Геніюш. Але што можна правіць і выразаць у дзіцячых вершах? Дзе там палітыка ці «антысаветчына»?

Аўтограф-сесія Міхася Геніюша

Аўтограф-сесія Міхася Геніюша

«Наагул, калі я чую пра твор, напісаны за савецкім часам, то першая рэакцыя – праверыць, як ён быў напісаны сапраўды, – тлумачыць Глеб. – Падумаў, што варта пайсці ў Фонд Ларысы Геніюш у Акадэмію Навук і праверыць, што рабілі з яе вершамі цэнзары і рэдактары. Апынулася, што па дзіцячых вершах Ларысы Геніюш праехаліся катком, вельмі часта гэта абсалютна бяздарная рэдактура, якая наўпрост знішчала рытм, рыфмы, скарачала сам верш у пяць разоў…»

За часамі СССР выйшла ўсяго дзве дзіцячыя кнігі Ларысы Антонаўны: «Казкі для Міхаські» і «Добрай раніцы, Алесь» (абедзве прысвечаныя ўнукам – Міхасю і Алесю). І першую, і другую рэдагаваў дзіцячы паэт Авяр’ян Дзеружынскі, прозвішча якога наўрад ці зараз нехта ўзгадае. Як апынулася, менавіта ён бязлітасна рэзаў і перакройваў творы паэткі. Са словаў Лабадзенкі, жонка Барадуліна, якая працавала разам з Дзеружынскім у выдавецтве, была ўпэўненая, што рабіў ён тое праз зайздрасць.

Падчас прэзентацыі ў Горадні

Гастэла, Даватар, Мінай і …Каліноўскі

«Ёсць такі дзіўны верш у зборніку, дзе хлопцы кажуць пра сваіх куміраў – ГастэлаМінаяДаватара, – працягвае Лабадзенка. – Дзіўна ж, Ларыса Геніюш піша пра савецкіх дзеячаў. Але апошні хлопчык у вершы кажа, што яго герой – Кастусь Каліноўскі! Усё стае на свае месцы. Цэнзары зразумелі, што да чаго, і зарэзалі. Чым яны займаліся ў сваіх выдавецтвах? Сядзелі і думалі, як скалечыць паэзію Ларысы Геніюш».

Часам, глыбокія гістарычныя і палітычныя сэнсы ў Геніюш хаваюцца і ў вобразах жывёлаў. Напрыклад, у вершы пра казулю і мядзведзя. Апошні прапануе сваёй абранніцы мёд, але тая збягае ад «духаты чужой бярлогі» – метафара максімальна зразумелая і тады, і зараз. У іншым вершы воўк прапануе зубру «па-воўчы выць»… і г.д. Усё гэта раней бязлітасна знішчалася і пабачыла свет толькі зараз – у зборніку «Унукам».

Наступныя прэзентацыі зборніка ўжо неўзабаве пройдуць у Менску ды іншых гарадах Беларусі.

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

 

Подпишитесь на наш канал в