Сёння горад Ваўкавыск адзначае сваю 72-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся апоўдні ў скверы Памяці. Адкрыў мітынг старшыня Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў Віталь Навіцкі.
Артысты самадзейнасці прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю.
Віншавальныя словы прагучалі ў адрас ваўкавычан ад намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце 86-й Ваўкавыскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага брыгады сувязі Дзяніса Мачалава.
Пасля хвіліны маўчання вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў ляглі да Вечнага агню і помнікаў воінам Вялікай Айчыннай вайны.
Пад гукі духавога аркестра ад сквера Памяці святочная калона і ўдзельнікі фэстывалю «Сяброўскі фэст» рушылі да месца правядзення святочных мерапрыемстваў — на плошчу імя Леніна.
Са сцэны да ваўкавычан і гасцей горада з прывітальным словам звярнуліся старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько і кіраўнікі дэлегацый гарадоў-партнёраў Ваўкавыскага раёна — намеснік старшыні акруговага Савета дэпутатаў горада Гусева Андрэй Гняздзілаў, прэзідэнт горада Седльцэ Войцех Кудзельскі, намеснік бурмістра горада Міхалова Юры Хмялеўскі, старшыня раёна горада Страшэны Міхаіл Попа, дарадца бурмістра горада Лемборка Аліцыя Заяцковска і прэзідэнт горада Сувалкі Часлаў Ранкевіч, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Уладзіміра Анатоль Вінарчык.
Ва ўрачыстай абстаноўцы мэр Ваўкавыска ўручыў былому дырэктару Ваўкавыскага мясакамбіната Паўлу Васільевічу Севасцьянаву пасведчанне Ганаровага грамадзяніна Ваўкавыскага раёна і памятныя ўзнагароды.
Пакуль малдаўскія, польскія і расійскія госці ахвотна фатаграфаваліся з апранутымі ў нацыянальныя касцюмы артыстамі Ваўкавышчыны, на сцэну падняліся ўдзельнікі II рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці «Сяброўскі фэст».
Да вечара на плошчы працуюць выставы-продажы работ народных майстроў, атракцыёны і гандлёвыя кропкі, праект Фотасушка «Ваўкавыск у аб’ектыве».
Гарадскі стадыён дадзены на водкуп моладзі. Там праходзіць фестываль фарбаў «COLOUR FESTIVAL», а вечарам адбудзецца сумесны праект радыёстанцыі «Радыус FM» і спявачкі Влады «КультУРА».
А 20-й гадзіне гасцей святкавання чакаў вячэрні канцэрт дзяржаўнага ансамбля «Песняры», які прайшоў на «ура» і вызваў буру станоўчых эмоцый у слухачоў.
Дарэчы, многія ваўкавычане адзначылі станоўчыя тэндэнцыі ў правядзенні такога роду значных мерапрыемстваў у горадзе і звязваюць гэта з новым намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кашкевічам. Не абышлі ўвагай і прывітальнае слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Віталя Навіцкага, вымаўленае на роднай мове.
Фота Наталля Дзямідава
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия