У Беларусі была здзейснена чарговая чацвёртая спроба рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
10 мая актывісты Моладзі БНФ атрымалі адказ ад Генпракуратуры на свае пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць беларускую паэтку і грамадскую дзяячку Ларысу Геніюш. Генпракуратура ў гэтым адмовіла.
У лісце за подпісам пракурора аддзелу Клябанава напісана, што «Геніюш Л.А прызнана не падлеглай рэабілітацыі».
Ідэя дамагацца рэабілітацыі Геніюш прыйшла да актывістаў летась, і яны распачалі кампанію #Геніюш2016, у рамках якой сабралі больш за 1200 подпісаў, наведалі радзіму паэткі ў Зэльве, запатрабавалі паставіць ёй помнік і ўключыць творы ў школьную праграму.
«Тое, што Генпракуратура нам адмовіла сведчыць пра сутнасць сённяшняй улады. Яна застаецца савецкай, нягледзячы на марныя спробы мяккай беларусізацыі, якой, насамрэч, проста прыкрываецца. Адмовілі і год таму, і цяпер», – лічыць старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.
Паводле Лукашэвіча, рэабілітацыя Геніюш – толькі частка вялікай кампаніі, запланаванай актывістамі, паведамляе Белсат.
«Наступным крокам будзе патрабаванне адкрыць архіўныя справы ўсіх, хто патрапіў пад рэпрэсіі ў савецкія часы. Шмат беларускіх дзеячаў культуры былі рэпрэсаваныя, расстраляныя. Канешне, адкрыццё архіваў мусіць быць сур’ёзным палітычным рашэннем. Але на гэтым этапе можна было б рэабілітаваць Геніюш…», – мяркуе Лукашэвіч.
Фота Сяргей Панізнік
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия